ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.Чырнера, С.Борна і рас. эмігранта М.А.Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)